МАРСКА́Я ВАДА́,
вада мораў і акіянаў. Агульны аб’ём у Сусв. ак. 1370 млн. км3. Уяўляе сабой аднародны раствор, у якім 96,5% вады і 3,5% солей (у т.л. 85% хларыду натрыю, у значнай колькасці хларыду магнію, сульфату магнію і кальцыю і браміду натрыю), а таксама завіслыя цвёрдыя часцінкі, раствораныя газы і арган. рэчывы (1—5 мг/л). Сярэдняя салёнасць (вызначаецца ў праміле — ‰) М.в. ў акіяне блізкая да 35‰ (ад 33,99‰ на 50° паўд. ш. да 35,79‰ на 5° паўн. ш.), на Пн Чырвонага м. павышаецца да 41,5‰. Шчыльнасць мяняецца ў залежнасці ад т-ры і салёнасці. У адрозненне ад прэснай М.в. замярзае пры т-ры найб. шчыльнасці (-1,9 °C). Скорасць гуку ў М.в. і яе электраправоднасць большыя, чым у прэснай вады, і нарастаюць з павышэннем салёнасці і т-ры. З М.в. здабываюць хларыды натрыю, магнію, брому і інш.
т. 10, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)